СУ́ТНАСЦЬ І ІСНАВА́ННЕ,

паняцці ў дыялектыцы, якія характарызуюць узаемаадносіны паміж унутр. зместам прадмета, яго якаснай акрэсленасцю і разнастайнасцю зменлівых прадметаў. Паняцце сутнасці характарызуе сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей прадмета, цэласнае адзінства яго істотных рыс і тэндэнцый развіцця. Паняцце існавання сінанімічна быццю прадметаў і характарызуе знешняе выяўленне прадметаў і з’яў, іх колькасную разнастайнасць, зменлівасць і выпадковасць. У гісторыі філасофіі існавалі розныя падыходы да гэтай праблемы. Абсалютызацыя ролі сутнасці характэрна для філасофіі Платона і яго паслядоўнікаў, а таксама для ўсіх філас. вучэнняў, якія прызнаюць аб’ектыўнае існаванне абсалютнага духу. У англ. эмпірызме 17—18 ст. Дж.​Лок, Д.​Юм) адстойвалася думка пра аб’ектыўнае існаванне толькі адзінкавых фактаў, якія фіксуюцца пачуццёвым вопытам — крыніцай усіх ведаў. Рацыяналізм новага часу (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Гегель) у выніку развіцця матэматыкі і прыродазнаўства зыходзіў з вучэння пра тоеснасць быцця і мыслення і лічыў, што існаванне мае рацыянальную, разумную аснову. Са спробай прымірэння супрацьлеглых поглядаў на праблему С. і і. выступалі Г.​Лейбніц і І.​Кант. Ірацыянальную трактоўку С. і і. прапанаваў С.​К’еркегор, які паставіў у цэнтр філасофіі праблему існавання чалавека і яго шляху да асэнсавання рэліг. значэння свайго жыцця. Погляды К’еркегора развіваліся ў экзістэнцыялізме. дзе цэнтр. месца належыць праблеме існавання чалавека (Л Шастоў, К.​Ясперс, Ж.​П.​Сартр і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)